БРСМ дапаможа беларусізаваць МТС
Увесну салігорскі блёгер Лёкса (ljoksa.livejournal.com) распачаў чарговую спробу па беларусізацыі аднаго з буйнейшых апэратараў сотавай сувязі МТС.
Пра гэта стала вядома пасьля сустрэчы кіраўніцтва кобрынскага Маладога Фронту і мясцовай суполкі БРСМ. Прадстаўнікі двух арганізацый дамовіліся пра супрацу ў галіне беларусізацыі і сумесную падтрымку агульнацыяных кампаній "МТС па-беларуску" і "Беларускую кнігу-дзецям".
13 лістапада старшыня кобрынскай гарадской суполкі МФ Алесь Страчук і ягоны намесьнік Алесь Кабач сустрэліся зь першым сакратаром БРСМа ў Кобрыне Ўладзімерам Вярбіцкім і ад імя Маладога Фронту прапанавалі супрацу ў кірунку беларусізацыі кобрынскай моладзі. «Нас успрынялі вельмі спакойна і адэкватна, — кажа Алесь Страчук.
— Прадстаўнік БРСМу, цікавы малады чалавек 23-25 год, пагадзіўся з тым, што зараз беларуская мова і культура знаходзіцца ў заняпадзе і яе неабходна папулярызаваць, найперш, у моладзевых колах. Мы дамовіліся на шэраг культурніцкіх мерапрыемстваў, праўда, з абмоўкаю, што мы ня будзем афішаваць і прапагандаваць свае палітычныя погляды…», — усьміхаецца Алесь.
