навіны
МАЛАДАФРОНТАЎЦЫ ПЕРАКЛАДУЦЬ МТС НА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ?
Сёньня сябры Маладога Фронту і Моладзі БНФ перадалі каля 2, 5 тысяч подпісаў за беларусізацыю МТС у галоўны офіс прадстаўніцтва кампаніі ў Беларусі.

Некалькі месяцаў назад Малады Фронт і Моладзь БНФ распачалі сумесную кампанію па беларусізацыі апэратара мабільнай сувязі МТС. Цягам гэтага часу ў Менску, Салігорску, Лідзе й Наваградку праводзіліся акцыі ў межах кампаніі, а таксама зьбіраліся подпісы з просьбаю ўвесьці ў паслугах кампаніі беларускую мову, нароўні з анельскай і расейскай.

У сераду актывісты МФ і МБНФ сустрэліся з адказным па сувязях з грамадзкасьцю прадстаўніком кіраўніцтва МТС, якому перадалі сабраныя подпісы.

Спадар з удзячнасьцю прыняў подпісы і паведаміў, што ў дадзены момант кампанія ня мае грашовых сродкаў і ўсталяваньня для перакладу паслуг кампаніі на беларускую мову. Аднак, па ягоных словах, кіраўніцтва кампаніі будзе намагацца вырашыць гэту праблему як мага хутчэй. Таксама спадар папрасіў юнакоў дапамагчы ажыцьцявіць пераклад на беларускую мову.

“Мы абмяняліся кантактамі і дамовіліся трымаць сталую сувязь. Нам паведамілі, што цягам месяца нам дашлюць афіцыйны адказ кіраўніцтва кампаніі на ініцыятыву аб перакладзе апэратара МТС на беларускую мову. Рэакцыя кампаніі на наш зварот і сабраныя подпісы падалася станоўчай, таму будзем спадзявацца, што кампанія ўсёткі вырашыцца на пераклад сваіх паслугаў на родную мову”, - кажа ўдзельнік сустрэчы, маладафронтавец Вадзім Ханяўка.



© МТС па-беларуску | грамадзянская кампанія 2008 Сайт створаны пры падтрымцы belmov.org, САЛІГОРСК.org, Маладога Фронта, Моладзі БФН Распрацоўка : ili4.