Маладафронтаўцы спадзяюцца на посьпех
У Салігорску ў межах кампаніі “За МТС па-беларуску” за тыдзень было сабрана 1.500 подпісаў.
Актывісты арганізацыі зазначаюць, што людзі станоўча ставяцца да іх ініцыятывы і спадзяюцца на паразуменьне з боку кіраўніцтва кампаніі МТС.
Нагадаем, што ў лістападзе Малады Фронт і Моладзь БНФ абвясьцілі пра стварэньне ініцыятывы па беларусізацыі мабільнай сувязі. Арганізатары накіравалі лісты да кіраўніцтва кампаній, якія працуюць на айчынным рынку, з просьбай увесьці галасавыя сэрвісы па-беларуску і надаць больш увагі беларускай мове ў працы з кліентамі.
У сьнежні актывісты арганізацый распачалі збор подпісаў пад зваротам да дырэктарата МТС з аналягічнымі прапановамі. Было арганізавана некалькі пікетаў, у тым ліку, адзін каля галоўнага офісу кампаніі. Восем удзельнікаў тады было затрымана міліцыяй.
Акрамя збору подпісаў і напісаньня лістоў, маладзёны стварылі сайт, дзе можна пакінуць подпіс, ды праводзяць актыўную працу ў папулярных зараз сацыяльных сетках. Напрыклад, у адмысловай суполцы “В Контакте” ужо больш за дзьве тысячы ўдзельнікаў, што даволі шмат для беларускамоўнага сэгмэнту інтэрнэта.

-Варта растлумачыць, што гэта грамадзкая кампанія акцэнтавана ў асноўным на МТС, таму што покуль ня маем дастаткова магчымасьцяў ахапіць усіх апэратараў. Тым ня менш, мы працуем і з астатнімі пастаўшычкамі паслуг мабільнай сувязі - ад кіраўніцтва «Velcom» мы атрымалі станоўчы адказ. Яны ўжо шукаюць тэхнічныя магчымасьці для стварэньня беларускамоўных сэрвісаў. Прыклад збору подпісаў у Салігорску сьведчыць, што дадзеныя ініцыятывы могуць мець посьпех і людзі гатовы іх падтрымліваць. Мы спадзяемся, што кіраўніцтва “МТС” зьвярне ўвагу на актыўнасьць сваіх кліентаў і зробіць узаемавыгадны крок насустрач, – камэнтуе хаду акцыі Аляксей Валабуеў.
Арганізатары кампаніі ў студзені маюць намер перадаць зварот кіраўніцтву МТС падчас асабістай сустрэчы.